
30–31 кастрычніка 2025 г. у Мінску прайшоў IV міжнародны эндавідэахірургічны форум «На ростанях». На два дні Мінск ператварыўся ў адну з буйных пляцовак для абмеркавання актуальных пытанняў сучаснай хірургіі. Спецыялісты з Беларусі, Расіі, Кітая і Казахстана сабраліся, каб абмяняцца вопытам, абмеркаваць новыя тэхналогіі і падыходы, а таксама ацаніць стан хірургічнай службы на розных узроўнях сістэмы аховы здароўя.


Форум аб'яднаў больш за 400 спецыялістаў, сярод якіх вядучыя хірургі, выкладчыкі медыцынскіх ВНУ, прадстаўнікі навуковых цэнтраў і практыкуючыя ўрачы. У рамках праграмы прагучала 61 даклад, а работа вялася на Пленарным пасяджэнні (глядзець у запісе) і сямі тэматычных секцыях.

Галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ірына Абельская падкрэсліла, што ідэя аб'яднаць хірургаў розных краін узнікла з практычнай неабходнасці — прааналізаваць існуючыя праблемы, намеціць шляхі іх вырашэння і выбудаваць больш эфектыўную мадэль кіравання хірургічнай дапамогай.



Асаблівасцю форуму з'яўляецца дэманстрацыя жывой хірургіі. За дзень да афіцыйнага адкрыцця прайшоў прэкурс па лапараскапічнай хірургіі страўніка, дзе майстар-клас правялі вядучыя хірургі з Нанкінскага медыцынскага ўніверсітэта (Кітай) пад кіраўніцтвам прафесара Сюй Цзэкуаня. Спецыялісты з Кітая не толькі прадэманстравалі складаныя аперацыі па лячэнні раку страўніка, але і падрабязна каментавалі свае дзеянні, дзелячыся вопытам і сучаснымі тэхнікамі з беларускімі калегамі.
Прафесар Сюй Цзэкуань у рамках Пленарнага пасяджэння быў удастоены звання Ганаровага члена міжнароднага эндавідэахірургічнага форуму.

«Такі фармат дазваляе не толькі ўбачыць сучасныя метады ў дзеянні, але і абмеркаваць нюансы вядзення пацыентаў з цяжкай паталогіяй. Гэта жывая прафесійная школа, якая натхняе і задае высокі стандарт», — адзначыла Ірына Абельская.
Форум стаў пляцоўкай для абмеркавання развіцця эндавідэахірургіі на ўсіх узроўнях аказання медыцынскай дапамогі. У Беларусі актыўна ўкараняюцца малаінвазіўныя тэхналогіі, якія дазваляюць выконваць складанейшыя аперацыі нават у раённых цэнтрах. Гэта значна скарачае тэрміны аднаўлення пацыентаў і зніжае перыяд непрацаздольнасці, што асабліва важна для сістэмы аховы здароўя, арыентаванай на захаванне працоўных рэсурсаў.

Падводзячы вынікі, Ірына Абельская падкрэсліла:
«Кожны такі кангрэс — гэта новыя выклікі і новыя задачы. Пакуль мы працуем, пакуль мы ў прафесіі, мы не ставім кропку. Гэта доўгая, цікавая і, самае галоўнае, эфектыўная праца на карысць нашых пацыентаў. Якасць, даступнасць і бяспека — тры галоўныя прынцыпы, на якіх будуецца сістэма аховы здароўя».

Упершыню ў рамках форуму была арганізавана секцыя для сярэдніх медыцынскіх работнікаў — прызнанне іх ключавой ролі ў пасляаперацыйным доглядзе, забеспячэнні санітарнай бяспекі і захаванні эпідэміялагічных нормаў. Бо паспяховая аперацыя — толькі частка лячэння, а яго вынік шмат у чым залежыць ад якаснага догляду.
Дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Алег Руммо адзначыў, што ў Беларусь прыходзіць робатычная хірургія. Ужо дасягнуты сур'ёзныя вынікі: доля малаінвазіўных аперацый у краіне вырасла з 25 да 43%, а ў некаторых рэгіёнах — да 70%.

«Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням усёй сістэмы аховы здароўя, уключаючы РНПЦ, універсітэцкія клінікі і Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр. Ужо ў снежні ў краіну паступіць адзін з найноўшых кітайскіх хірургічных робатаў. Мы рыхтуем спецыялістаў, каб гэтая тэхналогія стала даступнай не толькі на рэспубліканскім, але і на рэгіянальным узроўні», — падкрэсліў ён.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта, галоўны пазаштатны хірург Мінскай вобласці Юрый Слабодзін адзначыў, што чацвёрты па ліку форум выйшаў за рамкі звыклага фармату:
«Замест традыцыйнага пачатку з дакладаў мы адкрылі мерапрыемства майстар-класам па лапараскапічнай хірургіі раку страўніка. Гэта падкрэслівае практычную накіраванасць форуму і нашу агульную задачу — забяспечыць пацыентам максімальна якасную медыцынскую дапамогу».

Упершыню ў рамках форуму адбыўся Рэспубліканскі сімуляцыйны хірургічны чэмпіянат, у якім прынялі ўдзел маладыя ўрачы-хірургі з усіх рэгіёнаў краіны. У рамках чэмпіянату прайшлі спаборніцтвы ў тэарэтычных і мануальных навыках. Першае месца атрымала каманда Магілёўскай вобласці, другое месца з мінімальным адрывам заняла Мінская вобласць, трэцяе — каманда Віцебскай вобласці. Чэмпіянат выклікаў жывую цікавасць удзельнікаў форуму з усіх рэгіёнаў Беларусі.


Арганізатарам форуму выступіў Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі Прэзідэнта пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Беларускага таварыства сімуляцыйнага навучання ў медыцыне.
Інфармацыя будзе дапоўнена


